Published byкс. Сяргей Сурыновіч 13.12.2010
Біблійныя імёны, што «схавалі» айца…
Дакладная этымалогія імя Барабба застаецца прадметам спрэчак, большасць перакладчыкаў схільныя лічыць імя Барабба грэцкім варыянтам арамейскага імя אבא-רב – сын аббы (ласкавы зварот да бацькі) альбо сын Аббы, калі арамейскае אבא успрымаць як імя асабістае [1]. Іншыя мяркуюць, што Барабба быў сынам вядомага рабіна, паколькі слова «абба» часта выкарыстоўвалася пры звароце да паважаных настаўнікаў і рабінаў. У некаторых лацінскіх рукапісах сустракаецца напісанне імя Барабба з падвоеным «р», гэта дае падставу для здагадкі, што гэта імя паходзіць ад Бар Рабба(н) – сын настаўніка[2]. Існуюць і вельмі рэвалюцыйныя тэорыі. Даследчык Hyam Maccoby лічыць, што самаго Ісуса Хрыста габрэі часта называлі бар-аббам з-за спосабу Яго малітвы і пропаведзі Бога[3]. Benjamin Urrutia, аўтар працы „The Logia of Yeshua: The Sayings of Jesus“ лічыць таксама, што Ісус Барабба быў ідэнтычны Ісусу з Назарэта, узгадвае аб паўстанні, якое апісаў Іосіф Флавій, і не ўзгадаў лідэра бунту, якім, па яго меркаванню, з’яўляецца Ісус.
У некаторых позніх грэцкіх рукапісах Евангелля ад Матфея[4] Барабба названы «Ісус Бараба»[5]. Арыген адзначае, што ў яго часы[6] большасць рукапісаў утрымоўвалі менавіта такую форму гэтага імя. Шматлікія сучасныя даследнікі таксама прызнаюць, што першаснай зъяўляецца менавіта гэтая поўная форма імя «Барабба», пазней яна была заменена на больш кароткую перапісчыкамі, каб не прыкладаць асабістага імя Ісуса Хрыста да Бараббы[7]. У Евангеллі ад Матфея супрацьпастаўляюцца дзве асобы, якія насілі адно і тое ж імя Ісус: Пілат прапануе натоўпу зрабіць выбар паміж Ісусам, сынам Аббы, і Ісусам, названым Месіяй[8].
Барабба быў злачынцам, аднак дакладная сфера яго злачыннай дзейнасці дагэтуль выклікае палеміку. Евангелле не кажа прама каго і навошта ён забіў і якога характару сеяў смуту. У Евангеллі ад Марка[9] згадваецца, што ён быў схоплены разам з супольнікамі, але прамога доказу, што гэта была арганізаваная група няма[10]. У Евангеллі ад Лукі[11] ўказваецца прычына яго зняволення – узнятае ім паўстанне і забойства, дзе апавяд аб гэтай падзеі запазычаны Маркам. У Евангеллі ад Мацвея[12] Барабба акрэслены як “вядомы (слынны) вязень”[13]. У Евангеллі Яна[14] Барабба выступае як разбойнік.
На дадзены момант у даследчыкаў існуюць дзве версіі, адна з якіх схіляецца да таго што ён быў бунтаром супраць Рымскага кіравання, і займаўся тым, што ў нашы дні назвалі б тэрарызмам, ці ж «барацьбой за незалежнасць». Другая версія схіляецца ўсё ж да таго, што ён быў забойцам і яго дзеянні не пераследвалі ніякіх палітычных мэтаў. Існуюць і іншыя тэорыі. Французскі багаслоў Alfred Loisy мяркуе, што Барабба выдуманы персанаж праводзячы аналогію з юродзевым Карабасам[15] у Александрыі, якога апранулі як цэзара і насміхаліся з яго ў час візіту Ірада Арыпы І[16].
Так ці інакш, але ў выніку Барабба быў схоплены рымскімі ўладамі, прысуджаны да смерці, адданы пад варту і чакаў свайго прысуду, але, на шчасце для яго, пярэдадне пакарання смерцю супаў з агульнанародным святкаваннем Пасхі. Адсутнасць пазабіблійных сведчанняў пра традыцыю велікоднай амністыі дала падставу некаторым даследнікам сцвярджаць, што аповяд пра вызваленне вязня не мае пад сабой гістарычнай падставы і створаны самімі евангелістамі ў апалагетычных мэтах[17]. Аднак крыніцы ўтрымоўваюць досыць шмат прыкладаў таго, што на падставе народнага рашэння, і менавіта ва ўсходняй частцы імперыі, арыштаваныя маглі быць вызвалены падчас святаў[18], так што такое вызваленне і ў свята Пасхі з’яўляецца цалкам магчымым. Дакладна невядомыя прычыны такой папулярнасці Бараббы сярод габрэйскай грамадскасці. Прадстае вельмі нелагічнай тая здагадка, што просты народ у мностве сваім мог прасіць вызваленні звычайнага крымінальніка, таму версія пра Бараббу, як барацьбіце за волю і незалежнасць Старажытней Юдэі, мае права на існаванне. Папа Бенедыкт XVI у энцыкліцы Spe Salvi піша: «Ісус не быў Спартаком, ён не быў уцянуты ў барацьбу за палітычнае вызваленне, як Барабба ці Бар-Кохба»[19].
Далейшае жыццё Бараббы, не апісана ў Евангеллі, таму дакладна невядома чым ён займаўся пасля вызвалення, ці вярнуўся да ранейшай злачыннай дзейнасці або стаў на шлях выпраўлення – застаецца загадкай.
а. Сяргей Сурыновіч, 2010
малюнак: «Барабба» Джэймс Ціса, акварэль, 1886—1894 г.
[1] Abrahams I. Barabbas // Studies in Pharisaism and the Gospels. Ser. 2. N. Y., 1924, 1967r. P. 201-202;
[2] Willkins M. J. Barabbas // ABD. Vol. 1. P. 607
[3] Hyam Maccoby: Revolution in Judaea: Jesus and the Jewish Resistance. Taplinger Publishing, 1980, ISBN 0-8008-6784-X, S. 165–166
[4] 27:16-17
[5] f1, таксама So P. Winter: On the Trial of Jesus. S. 91–99
[6] каля 240 г. пасля Р.Х.
[7] Metzger B. Textual Comment. to the Greek New Testament. Stuttg., 1975. P. 67-68
[8] Albright, Mann. Matthew. P. 343-344
[9] 15:7
[10] Die Mehrheit der Textzeugen bietet die Lesung metà tôn stasiastôn, „nach/mit den Aufrührern“. Die von einigen Handschriften überlieferte Variante … systasiastôn könnte aber nahe legen, das Barabbas einer von den „Aufrührern“ war. Vgl.: Nestle-Aland: Novum Testamentum Graece zu Mk 16,7; P. Winter: On the Trial of Jesus. S. 96
[11] 23:19
[12] 27:16
[13] Die meisten Bibelübersetzungen haben das Wort epísemos mit „berüchtigt“ wiedergegeben. Etymologisch hat das Wort die Bedeutung „mit einem Zeichen versehen“, „gekennzeichnet“.
[14] 18:40
[15] In Flaccum, 36–38
[16] A. Loisy: L’évangile selon Marc. Paris 1912, S. 454f (zit. nach P. Winter: On the Trial of Jesus. S. 94f)
[17] H. Rigg; H. Maccoby; S. Davies
[18] Merkel. S. 309. Anm. 1-4; Merrit. P. 53-68; Colin J. Les villes libres de l’Orient gréco-romain et l’envoi au supplice par acclamations populaires. Brux., 1965. P. 109-152
[19] Spe Salvi, 4